Турнір знаўцаў роднай мовы “Ведай і любі родную мову!”
Роднае слова – люстэрка культуры народа, яго духоўнае аблічча. Мова – наша спадчына, якую мы атрымліваем ад бацькоў і павінны перадаць наступным пакаленням. Хто хоць раз пачуў беларускую мову, не забудзе яе мяккасці і мілагучнасці, плаўнасці і напеўнасці, сціплай прыгажосці і самабытнасці. Кожны чалавек павінен шанаваць сваю мову, традыцыі і культуру свайго народа.
21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. З гэтай нагоды ў Цэнтральнай раённай бібліятэцы прайшоў турнір знаўцаў роднай мовы “Ведай і любі родную мову!”. На мерапрыемстве прысутнічалі вучні 8 “Г” класа сярэдняй школы №1 г. Калінкавічы. У турніры змагаліся 2 каманды – “Каласкі” і “Калінкі”.
Спачатку бібліятэкары нагадалі ўдзельнікам аб узнікненні Міжнароднага дня роднай мовы, адзначылі, што родная мова – гэта адначасова i культура, i спадчына кожнага народа, а роднае слова – гэта першая крынiца дзяцінства, праз якую чалавек пазнае жыццё i ўсё навокал.
Адкрыццём турніру стаў конкурс “Падумай і адкажы”, які узняў усім настрой і акунуў у свет мовы. Пасля хлопчыкі і дзяўчынкі праявілі кемлівасць і знаходлівасць, выконваючы розныя заданні: успомнілі беларускія прыказкі ў конкурсе “Мудрыя словы”, вылучалі чужыя словы ў конкурсе “Чужы сярод сваіх”, у конкурсе “Сваякі” камандам прапаноўвалася разблытаць сямейны клубок і зразумець “хто ёсць хто”.
Акрамя гэтага рабяты праявілі свае веды, кемлівасць і знаходлівасць у конкурсе “Інтэлектуальны бой”, у конкурсе “Беларускі каляндар” камандам трэба было вызначыць, назвы якіх месяцаў прапушчаны ў пададзеных прыкметах, веды беларускага фальклору і мовы рабяты паказалі ў конкурсе “Народныя святы”, а вось у наступным конкурсе “Беларускія стравы” удзельнікам неабходна было падкрэсліць стравы, якія б яны прапанавалі з’есці сваім гасцям.
Цікава прайшоў конкурс “Перакладчыкі”, дзе каманды паспрабавалі свае веды ў перакладзе слоў з рускай на беларускую мову. Апошні конкурс “Самая кемлівая каманда” вызначыў самую эрудыраваную, кемлівую і разумную каманду, якая набрала найбольшую колькасць жэтонаў. Перамогу ў турніры атрымала каманда “Каласкі”, якая была ўзнагароджана дыпломам і салодкімі пачастункамі.
У завяршэнні мерапрыемства прагучалі важныя словы, што беларуская мова заслугоўвае таго, каб яе любілі, шанавалі, ганарыліся ёю, і, канешне, размаўлялі на ёй.