Адзначым Дзень роднай мовы разам
З мэтай папулярызацыі беларускай мовы і культуры ў цэнтральнай раённай бібліятэцы былі арганізаваны розныя мерапрыемствы.
Так, арганізаваная акцыя сярод чытачоў “У родным слове – цэлы свет” яшчэ раз падкрэсліла мілагучнасць беларускай мовы. Чытачам было прапанавана напісаць на сардэчках словы, якія тычацца роднай мовы і іх адносіны да роднага слова.
Мілагучная, багатая, родная святыня, жывая, свабодная, прыгожая, задушэўная, даражэйшая, магутная, вялікі скарб, ласкавая — вось такія вызначэнні бібліятэкары пачулі ад чытачоў.
Наведвальнікі бібліятэкі ў гэты дзень атрымалі магчымасць пазнаёміцца з тэматычнай выставай “Роднай мовы пералівы”, на якой былі прадстаўлены кнігі па гісторыі беларускай мовы, творы беларускіх аўтараў — як класікаў, так і сучасных пісьменнікаў.
У гэты дзень чытачы атрымалі магчымасць пачытаць услых вершы на роднай мове і атрымаць асалоду ад гучання сакавітага беларускага слова.
З любоўю гучаў кожны радок П. Панчанкі “Родная мова”, П. Броўкі “Калі, ласка!”, А. Грачаннікава “Мова”, Р. Барадуліна “Мая мова”, А .Пысіна “Дала мне маці гэту мову…”. Таксама некаторыя чытачы ўспаміналі знакамітыя радкі з верша К. Буйло “Люблю наш край — старонку гэту, дзе я радзілася, расла…”
У атмасферы добразычлівасці і павагі да роднага слова прайшоў Дзень беларускай мовы у цэнтральнай раённай бібліятэцы.