ВСЕ НОВОСТИДЕТСКАЯ БИБЛИОТЕКА

«Гаворым па-беларуску»

Да Міжнароднага дня роднай мовы ў дзіцячай бібліятэцы адбылася гульня “Гаворым па-беларуску”, былі прадстаўлены кніжныя выставы “Чытаем па-беларуску” і “Новая беларуская кніга”.

Наша родная мова… Колькі ў ёй мілагучнасці, таемнасці. Вельмі важна навучыць дзяцей з павагай адносіцца да роднай мовы. Важна, каб дзеці любілі яе і шанавалі, ведалі гісторыю сваіх продкаў. Адказнасць ляжыць на нас — дарослых: педагогах, бібліятэкарах, бацьках…

Сёння ў свеце шмат цудоўных моў. Адны з іх вабяць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, другія — мілагучнасцю. Але ў кожнага чалавека ёсць толькі адна мова, якая завецца роднай. Менавіта на гэтай мове ён размаўляе з роднымі, сябрамі, знаёмымі. I вельмі дрэнна, калі чалавек пачынае забывацца на сваю мову, не шануе яе. Сёння ў нас ёсць магчымасць паглыбіць уласныя веды, падвысіць моўны ўзровень. І мы прапанавалі гэта зрабіць у форме брэйн-рынга.

На мерапрыемстве прысутнічаў  9 “В” клас  СШ№7. Змагаліся дзве каманды: “Чабарок” і “Каласок”. Каманды ацэньвала кампетэнтнае журы у складзе загадчыка аддзела маркетынгу Цэнтральнай бібліятэкі Даўгуненка Валянціны Аляксандраўны і класнага кіраўніка рабят Рудзені Алены Уладзіміраўны. Падчас мерапрыемства ўдзельнікі пашырылі свой слоўнікавы запас і праявілі творчыя здольнасці, прыняўшы ўдзел у гульні, дзе паказалі добрыя веды ў перакладзе слоў з рускай на беларускую мову, складалі пасловіцы, растлумачвалі зашыфраваныя фразеалагізмы, адгадвалі мелодыі вядомых беларускіх песень і вершы знакамітых паэтаў, адказвалі на жартоўныя і сур’ёзныя пытанні. Пераможцам стала каманда “Чабарок”. Напрыканцы свята кожны ўдзельнік атрымаў падарунак.

Сапраўды, у спадчыну нам засталася ўнікальная мова. Яна заслугоўвае таго, каб людзі мову любілі і на ёй гаварылі, – такая галоўная тэма мерапрыемства, прысвечанага Міжнароднаму дню роднай мовы. Хацелася б, каб наша слова жыло шмат стагоддзяў, радавала сваёй мілагучнасцю і прыгажосцю новыя пакаленні. Няхай льецца беларуская мова.