ВСЕ НОВОСТИКРАЕВЕДЕНИЕЦЕНТРАЛЬНАЯ РАЙОННАЯ БИБЛИОТЕКА

«Людзі навукі нашага краю»

Штогод, у апошнюю нядзелю студзеня ў Беларусі адзначаецца Дзень беларускай навукі. Напярэдадні гэтай даты, у цэнтральнай раённай бібліятэцы ў рамках краязнаўчага факультатыва для старшакласнікаў прайшла інфармацыйная гадзіна «Людзі навукі нашага краю».

Дзень беларускай навукі — нагода ўспомніць тых, хто прысвяціў сябе навуцы, пошуку, імкненню адкрываць новае, рухаць прагрэс. Інфармацыйная гадзіна «Людзі навукі нашага краю» пазнаёміла вучняў сярэдняй школы №7 з людзьмі, для якіх навуковы падыход з’яўляецца  асноўным  у прафесійнай дзейнасці. Гэтыя людзі  праявілі сябе ў розных галінах навукі, яны маюць вучоныя ступені кандыдатаў і дактароў навук. Яны  з’яўляюцца акадэмікамі, прафесарамі, навуковымі работнікамі, выкладчыкамі.

У першую чаргу  вядучымі  быў зроблены акцэнт на ўклад вучонага ў развіццё той ці іншай галіне навукі. Немалаважна адзначыць, што  ўвага нададзена на месца нараджэння вучоных, бо ўсе яны з’яўляюцца нашымі землякамі. Сярод іх вядомы ўрач-нейрахірург,  доктар медыцынскіх навук.

Антонаў Геннадзь Іванавіч, які ўзначальвае аддзяленне нейрахірургіі шпіталя імя Вішнеўскага ў Маскве. Мае больш за 300 навуковых прац, 3 манаграфіі, 4 патэнта, каля 80 сертыфікатаў аб удзеле ў расійскіх і міжнародных з’ездах і канферэнцыях.

Вядомы ў краіне і за мяжой  Красачка Пётр Альбінавіч  як спецыяліст у галіне ветэрынарнай вірусалогіі, мікрабіялогіі, імуналогіі. Ён распрацаваў і прапанаваў да ўкаранення прынцыпова новыя сродкі дыягностыкі, прафілактыкі, хімія-і імунатэрапіі вірусных і бактэрыяльных інфекцый буйной рагатай жывёлы, зуброў, свіней і птушак. Для прафілактыкі інфекцыйных захворванняў распрацаваў да ўжывання 25 супрацьвірусных і антыбактэрыяльных вакцын для сельскагаспадарчых жывёл. Мае больш за 850 навуковых прац, у т. л. 25 манаграфій і навучальных дапаможнікаў, больш за 50 патэнтаў і заявак на вынаходкі Рэспублікі Беларусь.

Кундас Сямён Пятровіч, доктар тэхнічных навук, прафесар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь у галіне навукі і тэхнікі.

Асноўны напрамак навуковай дзейнасці — распрацоўка і прымяненне новых інфармацыйных тэхналогій у праектаванні і вытворчасці вырабаў электроннай тэхнікі, машынабудавання, у экалогіі і падрыхтоўцы спецыялістаў у гэтых галінах. Аўтар і сааўтар 7 манаграфій, 4 вучэбных дапаможнікаў, больш за 200 артыкулаў і 29 вынаходніцтваў.

Нягрэй Віктар Якаўлевіч — беларускі  вучоны ў галіне транспарту. Доктар тэхнічных навук, прафесар. Віктар Якаўлевіч напісаў каля 200 навуковых прац, з’яўляецца аўтарам і сааўтарам больш за дзесяці падручнікаў, многіх метадычных дапапожнікаў. Пад яго кіраўніцтвам была распрацавана «Дзяржаўная праграма развіцця транспарту Рэспублікі Беларусь», створана школа па даследаванні працэсаў ўзаемадзеяння транспартных сістэм, тэорыі транспартных патокаў і праектавання чыгуначных станцый і вузлоў.

Панцялеенка Фёдар Іванавіч — вучоны ў галіне парашковай металургіі. Унёс вялікі ўклад у распрацоўку новага класа парашкоў і кампазіцыйных матэрыялаў. Аўтар больш за 200 навуковых прац, у тым ліку 13 манаграфій і кніг, 30 вынаходак і патэнтаў. Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны» (1986), медалём.

Вядучыя мерапрыемства пазнаёмілі рабят с іншымі імёнамі вучоных-землякоў, якія дабіліся высоіх поспехаў у прафесійнай дзейнасці. Гэта вядомы вучоны ў галіне трэння і зношвання цвёрдых целаў і фрыкцыйнага матэрыялазнаўства Багдановіч Павел Мікалаевіч (нар. у в. М. Аўцюкі); Вішнеўская Валянціна Пятроўна, доктар псіхалагічных навук,  прафесар, вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь(нар. у в. М. Аўцюкі). Гэта таксама Дударэнка Уладзімір Аляксандравіч, прафесар, заслужаны настаўнік БССР (1974 г.), член-карэспандэнт Беларускай Акадэміі адукацыі (1993 г.), акадэмік Міжнароднай Акадэміі тэхнічнай адукацыі  (2001 г.). Аўтар 42 навуковых прац, у тым ліку 8 ​​навучальных дапаможнікаў. Навучальны дапаможнік прадстаўлены на ВДНХ СССР і ўдастоены бронзавага медаля (нар.у в.Варатын).

Былі названы і іншыя дзеячы навукі, якія нарадзіліся на Калінкавіцкай зямлі:

Мілюкоў Анатолій Іларыёнавіч (нар.у в. ў в. Вішар) — доктар   эканамічных навук,  прафесар; Саўчанка Яўгенія Антонаўна (нар.у в. Антонаўка) — доктар педагагічных навук, прафесар; Сталяроў Мікалай Сяргеевіч (нар.у в.  Аляксандраўка) — доктар эканамічных навук, прафесар; Стома Сцяпан Андрэевіч (нар.у в. Боруск) — вучоны канструктар ў галіне электрамеханікі, арганізатар навуковай вытворчасці ў галіне агульнага і спецыяльнага электрамашынабудаўніцтва, кандыдат тэхнічных навук; Тозік Анатолій Афанасьевіч (нар.у в.Казанск) — беларускі дзяржаўны дзеяч, гісторык. Кандыдат гістарычных навук (1974); прафесар  (1994).

Вядучыя мерапрыемства  адзначылі, што ўсе вышэй названыя вучоныя-землякі  для дасягнення сваёй мэты прыклалі нямала намаганняў, каб дабіцца поспехаў у сваёй прафесійнай дзейнасці.Таму сённяшнім школьнікам трэба добра вучыцца, упарта працаваць, быць мэтанакіраваннымі.