«Які гэта цуд — мова твая!»
«Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына…» І неад’емная частка яе — родная мова. Яна не проста сродак зносін, з дапамогай якога людзі наладжваюць сувязі, абменьваюцца інфармацыяй, яна — своеасаблівае люстэрка жыцця i працы народа, яго грамадскага i культурнага развіцця. У кожным куточку Зямлі, дзе б’ецца беларускае сэрца, жыве беларуская мова. Жыве па-рознаму: у штодзённай гамонцы, у песнях і казках, у школьных падручніках і цудоўных творах літаратуры.
У межах Міжнароднага дня роднай мовы, які штогод адзначаецца 21 лютага, ў бібліятэках ДУК «Цэнтралізаваная бібліятэчная сетка Калінкавіцкага раёна» адбыўся цыкл мерапрыемстваў і бібліятэчных выставак.
Усе арганізаваныя мерапрыемствы былі накіраваны на папулярызацыю і захаванне беларускай мовы.
Для вучняў Сыродскай базавай школы ў сельскай бібліятэцы прайшло свята роднай мовы “Які гэты цуд — мова твая!”.
Бібліятэкар расказала дзецям аб доўгім і складаным шляху развіцця беларускай мовы. Вучні чыталі вершы беларускіх пісьменнікаў: Я. Коласа, Я. Купалы, М. Багдановіча, К. Буйло, слухалі беларускія паданні і казкі. Прынялі ўдзел у конкурсах “Адгадай твор”, “Прыказкі і прымаўкі”. Свята атрымалася не толькі вясёлым і шумным, але і вельмі карысным, пазнавальным.
У філіяле “Замосцьеўская сельская бібліятэка-клуб” прайшла гадзіна паэзіі “Родная мова, цудоўная мова”, прысвечаная Міжнароднаму дню роднай мовы.
Дзеці з задавальненнем прачыталі вершы пра беларускі край, родную мову, узгадалі старонкі мінулага. Галоўнай мэтай мерапрыемства было пашырыць веды пра гісторыка-культурную спадчыну Беларусі, выхаваць пачуццё гонару і павагі да нацыянальных традыцый, звычаяў, культуры.
Дзеці чыталі творы на беларускай мове, а таксама пазнаёміліся з кніжнай выставай “З любоўю да роднага слова”.
Сапраўдная любоў да сваёй краіны немагчыма без любові да сваёй мовы. Кожны чалавек з дзяцінства пачынае гаварыць, думаць, разважаць на роднай яму мове. У філіяле “Шыіцкая сельская бібліятэка” прайшла гадзіна роднай мовы “Беларуская — самая-самая”, прымеркаваная да святочнага дня. У гэты дзень прайшлі гучныя чытанні вершаў беларускіх пісьменнікаў: П.Панчанкі, У.Дубоўкі, М.Танка і інш.
Вучні з задавальненнем слухалі вершы беларускіх аўтараў, урыўкі з празаічных твораў, бо беларуская мова – гэта родная мова, сакавітая, меладычная і пяшчотная.
«Родная мова — душа народа» – пад такой назвай прайшла гадзіна ведаў для гасцей філіяла “Юравіцкая сельская бібліятэка”. Для прысутных бібліятэкар правяла некалькі конкурсаў на веданне роднай мовы, гісторыі роднага краю, традыцый беларускага народа.